Прэс-клуб і літаратурна-мастацкі альманах «Маналог» запрашаюць журналістаў і рэдакцыі ўзяць удзел у круглым стале «Онлайн і офлайн медыя і культура ў час палітычнага і эканамічнага крызісу», які адбудзецца ўжо заўтра, 21 лютага, а 12:00.
У якасці экспертаў запрасілі крутых беларускіх дзеячаў, якім ёсць што сказаць. Спікерамі выступяць галоўны рэдактар альманаха «Маналог» Аляксей Андрэеў, пісьменнік, мастак, выдавец Адам Глобус, культуролаг, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра, паэт Андрэй Хадановіч, галоўны рэдактар і выдавец «Белорусского журнала» Андрэй Аляксандраў. Мадэратар – дырэктар Галерэі tut.by, мастацтвазнаўца Таццяна Бембель.
Удзельнікі абмяркуюць ролю культурніцкіх медыя-праектаў у развіцці грамадскага дыялогу і падтрыманні міру; пагавораць пра тое, як уплывае на эфектыўнасць і запатрабаванасць медыйнага праекта яго онлайн і офлайн-формы; адкажуць, ці маюць сэнс захады па пашырэнні інтарэсу да культуры, калі грамадства знаходзіцца ў эканамічным і палітычным крызісе. Ці змогуць мастацтва і культура змяніць вектар напружання і вырашыць унутраныя супярэчнасці ў грамадстве, наладзіць добрыя адносіны з суседнімі краінамі?
Івэнт адбудзецца ў памяшканні Прэс-клуба па адрасе вул. Веры Харужай, 3, офіс 601. Уваход на падзею вольны пры ўмове папярэдняй рэгістрацыі.
«Маналог»
Штогадовы літаратурна-мастацкі ілюстраваны альманах выдаецца ў Мінску з 1997 году. Высокія патрабаванні, якія рэдакцыя прад’яўляе да тэкстаў і ілюстрацыйнага матэрыялу, дазваляюць ствараць культурны прадукт, здольны перажыць час і стаць сведчаннем культурнай сітуацыі свайго часу.
Двадцать год існавання праекта – гэта каля 400 арыгінальных тэкстаў і больш за 200 імёнаў пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, фатографаў, рэжысёраў, акцёраў, арт-крытыкаў, то бок тых людзей, якія ствараюць сучасную культуру Беларусі.
З мэтай пашырэння кола чытачоў «Маналог» выйшаў на краўдфандынгавую пляцоўку talaka.by: да 5 сакавіка працягнецца падпіска на новы нумар, падпісацца можна тут.