У стужцы навін «Культпросвета» зараз зашмат паэзіі, але мы ўсё роўна не спыняемся – і распавядаем пра VI фестываль памяці Міхася Стральцова, які пройдзе ў Мінску 10–12 лютага.
Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» быў заснаваны Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-Цэнтрам у 2012 годзе. Падрабязней пра фэст можна пачытаць на крута змакетаваным сайце – stralcou-fest.by.
Літаратурныя чытанні сёлета адкрыюцца 10 лютага ў Галерэі TUT.BY і на гэты раз будуць адбывацца ў юбілейны год для фестывальнага патрона – Міхасю Стральцову ў 2017-м магло б споўніцца 80 гадоў. Асноўнымі пляцоўкамі фестываля, акрамя Галерэі TUT.BY, стануць клуб «Грай» і культурніцкая прастора «Тартак». Сярод замежных хэдлайнераў сёлетняга фэста – украінцы Сяргей Жадан і Марыяна Кіяноўская, расійская паэтка і спявачка Умка (Ганна Герасімава), літоўскія паэты Антанас Янінас і Данюс Гінталас, чэшскі пісьменнік Яхім Топал, шведская літаратарка Мары Лундквіст.
У межах фэста адбудуцца паэтычныя чытанні, дыскусіі, прэзентацыі новых кніг, перакладчыцкі батл і літаратурна-рок-н-рольная «Ноч паэзіі». Падрабязная праграма – тут.