У кнігарні Логвінаў заканчваюць публічную кампанію «Зразумець Украіну». Цягам году ў кнігарні прайшоў шэраг імпрэзаў: прэзентацыі ўкраінскіх кніг і нумароў альманахаў, сустрэчы з украінскімі пісьменьнікамі, паказы ўкраінскага кіно. Такім чынам, увесь 2016 тут нон-стопам гучала ўкраінская тэма.
Асноўная ідэя «Года ўкраінскай літаратуры» у кнігарні Логвінаў — паспрабаваць даць асіметрычны адказ на працу «машыны нянавісці» і прапанаваць украінскую высокую культуру ў якасці правадніка для беларускага грамадства ў сітуацыю разумення таго, што адбываецца ва Украіне.
«Асноўны дыягназ нашага грамадзтва — неразуменне. А калі чалавек не разумее, ён пачынае баяцца і ненавідзець. Таму разуменне Украіны — гэта ключавая ідэя. Безумоўна, гэта адказ на актуальныя падзеі, але адказ несіметрычны. Мы лічым, што сэнс не ў тым, каб увязвацца ў ідэалагічную спрэчку і кагосьці пераконваць. Гэта не задача культуры і літаратуры. Мы проста дамо голас сённяшнім украінскім творцам, каб паказаць іх як жывых людзей, якія пішуць тэксты, думаюць пра сітуацыю ў сваёй краіне, абмяркоўваюць яе. Я лічу, што такі падыход больш душэўны і часам больш эфектыўны, чым займанне свайго месца на барыкадзе», — кажа Ігар Бабкоў, беларускi фiлосаф, паэт.
За год у арт-прасторы правялі конкурс эсэ і перакладаў “Зразумей Украіну”, вечар-прысвячэнне знакамітаму ўкраінскаму літаратару Алегу Лышэгу, прагляд экраннага дэбюта пераможцы “Еўрабачання-2016” Джамалы, прэзентацыю беларускай версіі рамана культавага ўкраінскага пісьменніка Сяргея Жадана, творчы вечар украінскай паэткі-«васьмідзясятніцы» Наталкі Білацарківец і курс кінапраглядаў “Патаемная гісторыя ўкраінскага кіно” з Максімам Жбанковым. Працягу — быць.