17 снежня ў НЦСМ – карнавал аўдыявізуалаў: сваю працу пачынае платформа мультымедыйных праектаў «Наскрозь». Прымаць удзел у свяце для вачэй i вушэй будуць Aortha, Сяргей Ждановіч, Сяргей Пукст i iншыя. Падзея прысвячаецца Людміле Русавай.
Мы атрымалi прэс-рэлiз, не апублiкаваць якi было б злачынствам. Арганiзатары анансуюць iвэнт, пачынаючы з лiрыкi: «Быў час, калі мастацтва не надта адрознівалася ад рамяства: і першае, і другое прадугледжвала найперш валоданне «вузкаспецыяльнымі» тэхнічнымі навыкамі кшталту ўмення змешваць фарбы. Сёння яны адыходзяць на другі план, саступаючы прыярытэт ідэі, творчаму пасылу, шчырасці. І менавіта таму многія аўтары не абмяжоўваюцца рамкамі аднаго віду мастацтваў, але змешваюць іх у самых дзіўных прапорцыях – гэтаксама, як некалі змешвалі фарбы».
Імпрэза прысвячаецца культавай фігуры айчыннай арт-сцэны Людміле Русавай: магчыма, менавіта яна была першай у беларускай прасторы, хто ўсвядоміў умоўнасць «цэхавых падзелаў» у мастацтве і неабходнасць няспыннай трансгрэсіі ўласнай творчай практыкі. Атрымаўшы «манументальную» акадэмічную адукацыю, Русава выяўляла сябе ў перформансе, літаратуры, відэа-арце. «Але важна падкрэсліць, што імпрэза не будзе мець мемарыяльнага характару. Нам проста важна, каб гэтае прозвішча як мага часцей гучала сёння, у век татальнай атамізацыі, калі сукупнасць імёнаў і з’яваў беларускага мастацтва ўсё цяжэй уяўляецца як цэласны культурны кантэкст», – зазначаюць арганiзатары.
Наведвальнікаў вечара мультымедыйных праектаў «Наскрозь» чакае багата сюрпрызаў:
- у нечаканым амплуа праявіць сябе слынны музыкант, радыёвядучы і містыфікатар Сяргей Пукст;
- вядомы мастак Сяргей Ждановiч прадставіць свежы выставачны праект, які будзе доўжыцца ўсяго адзін дзень;
- легенды беларускай незалежнай музыкі Леанiд Нарушэвiч i Улад Бубен аб’яднаюцца ў электраакустычным сэце з куды маладзейшым за іх паэтам Байсанам;
- саунддызайнер Дзмітрый Ладзес aka AORTHA паспрабуе стварыць «самы сапраўдны» саундтрэк Вялікага выбуху;
- скандальна вядомы перформер Канстанцiн Мужаў гэтым зробiць спробу схаваць сваю злоснасць за мілымі дзіцячымі вобразамі;
- скульптар Павел Вайніцкі створыць на вачах публікі чарговую статую, выкарыстоўваючы ў якасці аднаго з матэрыялаў свайго калегу па групе «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk» Іллю Сіна.
Варта адзначыць, што амаль усе гэтыя праекты падрыхтаваны спецыяльна для платформы «Наскрозь» і наўрад ці калі будуць паўтарацца. Уваход 17 снежня а 18:00 па квітках НЦСМ (3 рублі звычайны, 1,5 — ільготны). Імпрэза толькі для дарослых (18+).