Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае 24 снежня 2016 года з 13:00 да 15:30 на святкаванне аднаго з найцікавейшых беларускіх абрадаў – «Каляды».
Каляды – старажытнае свята, якое паходзіць яшчэ з дахрысціянскіх часоў і прымеркавана да зімовага сонцастаяння. Менавіта ў гэты час абвастралася барацьба цёмных і светлых сіл сусвету. Да гэтага свята старанна рыхтаваліся: назапашвалі прадукты, прыбіралі хату і гаспадарчыя пабудовы, моладзь майстравала маскі і карнавальныя касцюмы, усе мыліся і апраналіся ў святочнае адзенне.
Неад’емнай часткай свята лічылася «калядаванне» – святочны абыход двароў гуртом ражаных з віншаваннямі і выкананнем калядных песень. За гэта ўдзельнікі абраду атрымлівалі ад гаспадароў пачастункі. Усё гэта забяспечвала багаты ўраджай, здароўе і шчасце людзям на наступны год. У аснове звычая ляжыць старажытная аграрная абраднасць, агульным прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла і забеспячэнне добрага ўраджаю ў новым гаспадарчым годзе.
На свяце будзе прадстаўлена рэканструкцыя каляднага абрада з Рэчыцкага Палесся навуковымі супрацоўнікамі музея сумесна са студыяй «Варгін». Калядныя традыцыі іншых этнаграфічных рэгіёнаў праілюструюць творчыя калектывы кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ.
У праграме свята:
- Інтэрактыўная праграма «Каляды ў нашым Сяле»;
- Майстар-класы;
- Канцэрт-фэст дзіцячых і моладзевых гуртоў;
- Традыцыйная Батлейка;
- Калядны квэст «Ажыві казу»;
- Частаванне абрадавай кашай, «Куццёй», і травяным узварам;
- Народныя танцы, карагоды і забавы;
- Сапраўдныя калядныя варожбы і многае іншае.
Увесь час на тэрыторыі музея грае беларуская народная музыка ў выкананні калектываў «Жвавы Карчмар», дзіцячага фальклорнага калектыву «Мілавіца» ЦДАДіМ «Ветразь».
Кошт квіткоў:
8,00 руб. – для дарослых;
5,00 руб. – для студэнтаў сярэдне-спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў;
3,00 руб. – для дзяцей школьнага ўзросту;
бясплатна – для дзяцей дашкольнага ўзросту.
Экспазіцыя музея працуе з 10:00 да 17:00. Каса музея працуе з 10:00 да 16:30.
Шаноўныя наведвальнікі! Калі ласка, паклапаціцеся пра абутак і вопратку згодна з умовамі надвор’я.
Музей пакідае за сабой права адмены ці замены асобных эпізодаў мерапрыемства ў залежнасці ад умоў надвор’я.