Удзельнікі майстэрняў Антаніны Слабодчыкавай і Жанны Гладко экспаніруюць свае працы ў выставачны праект, прысвечаны вынікам шасцідзённых курсаў, якія адбыліся ў мінулым месяцы.
Удзельнікі:
- майстэрня Антаніны Слабодчыкавай: Вольга Баравікова, Ганна Бундзелева, Крысціна Брукштын, Аляксандр Сон, Ілона Дзяргач, Таццяна Лапко.
- майстэрня Жанны Гладко: Наталка Кірылка, Вікторыя Кірыльцава, Ліліт Антанян, Васіліса Паляніна-Календа, Леся Пчолка, Кацярына Смурага, Алена Галавіна, Настасся Храловіч, Надзея Саяпіна-Гендрусева, Віка Біран, Ганна Бундзелева, Кацярына Ганчарык, Вольга Трубіна.
У межах майстэрні Антаніны Слабодчыкавай «Суб’ектыўная рэальнасць» мастачка распавядала як знайсці форму для рэалізацыі ідэі праз тэхніку калажа і распрацаваць яе. Удзельнікі курса разглядалі розныя шляхі працы з калажам і спосабы яго ўвядзення ў персанальны праект. Праца ў майстэрні прадугледжвала выкарыстанне загадзя адабраных малюнкаў з асабістых ды сямейных альбомаў, набораў лістоў, дакументаў, ілюстрацый з часопісаў і тэкстаў, нерэалізаваных ідэй і праектаў. На прыкладзе прынесеных аўтарамі матэрыялаў, разглядаліся метады іх рэпрэзентацыі — інсталяцыя, аб’ект, кніжны макет і вывучаліся магчымасці візуальнага апавядання.
У межах майстэрні Жанны Гладко «Быць як «Я» мастачка сумесна з удзельніцамі паспрабавалі прааналізаваць праблему сацыяльных роляў і іх уплыў на самаідэнтыфікацыю праз знаёмства з хрэстаматыйнымі творамі гісторыі сусветнага жаночага мастацтва. Абапіраючыся на метад цытавання і апрапрыяцыі ўдзельніцы курсу выявілі актуальныя пытанні аб межах ідэнтычнасці і паспрабавалі адказаць на іх у сваёй мастацкай практыцы па сродку уласнай вобразнасці і цялеснасці.
1 снежня а 19-й гадзіне адбудзецца прэзентацыя вынікаў майстэрні Жанны Гладко «Быць як «Я», а таксама сумесная дыскусія з удзельнікамі майстэрні Антаніны Слабодчыкавай «Суб’ектыўная рэальнасць».
*Праект «10 майстэрняў» складаецца з 10 аўтарскіх праграм беларускіх мастакоў. Кожная праграма распрацаваная адным з мастакоў і ўключае публічную сустрэчу, шасцідзённы закрыты практычны курс і праект, як вынік майстэрні напрыканцы праграмы.
Мэта адукацыйнага праэкта «10 майстэрняў» – запусціць цікаўнасць да самаадукацыі ў галіне сучаснага мастацтва, умацаваць пераемную сувязь паміж маладымі і сталымі мастакамі. Даць магчымасць зацікаўленым мастацтвам людзям напрамую пасябраваць з яркімі мастакамі і сумесна стварыць выставачны праект.
Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы НДА Kulturos Ambasada, Літва