У кастрычніку Галерэя сучаснага мастацтва “Ў” прадстаўляе першую ў Беларусі рэтраспектыўную выставу фатографа Валерыя Кацубы. У мінулым месяцы некалькі прац фотамастака ўвайшлі ў пастаянную калекцыю адной з найвядомейшых інстытуцый мастацтва – Цэнтр Джоржа Пампіду ў Парыжы, а цяпер абраныя фотасерыі гэтага аўтара можна пабачыць і на яго радзіме.
Валерый Кацуба, фотамастак, жыве і працуе ў Санкт-Пецярбурзе і Мадрыдзе. Нарадзіўся ў вёсцы Сяргеевічы пад Мінскам. На сваёй першай выставе на радзіме пакажа найлепшыя працы з васьмі праектаў (2000–2016), якім уласцівая наратыўнасць, і таму іх можна “чытаць” як аповеды ці гісторыі. У выставу ўвойдуць працы, паказаныя раней у Цэнтры Пампіду ў Парыжы, у Рускім музеі Пецярбургу, у C?rculo de Bellas Artes у Мадрыдзе і ў Мультымедыйным музеі сучаснага мастацтва ў Маскве.
Мінскі глядач зможа ўбачыць і ацаніць герояў гісторыяў Валерыя Кацубы – лятучых гімнастаў Масквы (“Паветраны палёт”), танцораў Марыінскага тэатру, дужаннікаў на ўзбярэжжы Каспійскага мора (“Фізкультура”), студэнтаў ды іхных мадэляў з Акадэміі мастацтваў Санкт-Пецярбургу (“Праз 100 гадоў”) і пабуджаных ранішнім святлом сяброў фотамастака ў Лондане, у Нью-Ёрку, Сант’яга-дэ-Чылі (“Ранак”) ды, вядома, у Санкт-Пецярбурзе. Пецярбургскія сябры сфатаграфаваныя на загарадных пікніках (“Поры года. Мае сябры”). Сярод іх Уладзіслаў Мамышаў-Манро, Юрый Вінаградаў, Бэла Матвеева, Вольга Табрэлутс, Паліна і Марк дэ Маўні, Яўгеній Сарокін. У выставу ўвойдуць таксама дзве “гісторыі”, расказаныя разам з Уладзікам Манро (“Усялякая жарсць сляпая і шалёная”, “Метамарфозы манарха”), фатаграфіі на матывы народных казак і нешматлікія са знятых у Беларусі (“Удалечыні ад дому”).
Куратарка выставы: Ганна Шпакава