Меню

Новости

Галоўны герой Аляксандр на пэўным этапе свайго жыцця (псіхолагі называюць гэты перыяд крызісам сярэдняга ўзросту) хоча атрымаць адказ на важнае для яго пытанне – ці любіў яго бацька пры жыцці. Жаданне знайсці адказ узмацняецца дакучлівымі снамі, у якіх тата кожны раз настойліва просіць сына пачысціць студню, бо ў каламутнай вадзе нічога не знойдзеш.

Каб разабрацца ў прычынах начных кашмараў, Аляксандр звяртаецца да экстрасэнса. Да таго ж лёс пасылае галоўнаму герою новае выпрабаванне – родныя сёстры вырашылі прадаць бацькоўскі дом і ўжо знайшлі пакупніка. Усе яны выраслі ў гэтым доме, а Аляксандр жыве тут і цяпер. Яму дорагі пахі і фотаздымкі, шкада рыпучых падлог і старых шпалер, а ў кладоўцы захавалася матуліна абрыкосавае варэнне. Здаецца, што паветра ў доме прасякнута бацькоўскім цяплом і прыемнымі ўспамінамі дзяцінства. І вось усе героі збіраюцца на сямейную раду, каб прыняць канчатковае рашэнне…

«Ціхі шэпат сыходзячых крокаў» – п’еса, дзе мяжа паміж жыццём і смерцю, сном і рэальнасцю з развіццём дзеяння сціраецца канчаткова. Амаль кожная сцэна, успрымаемая як сапраўдная, у выніку аказваецца фікцыяй. І гэтая рэальная нерэальнасць прыводзіць гледача ў свет складаных чалавечых узаемаадносін.

Сумесны праект Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў (Масква) і Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі
Аўтар: Дзмітрый Багаслаўскі
Рэжысёр-пастаноўшчык: Шаміль Дыйканбаеў (Кыргызстан)
Мастак-пастаноўшчык: Алёна Ігруша
Мастак па святле: Мікалай Суркоў
Кампазітар: Канстанцін Яськоў

16+

Фото: rtbd.by

Top